Суд адхіліў скаргу адвакатаў журналіста "КП ў Беларусі" на арышт
Генадзь Мажэйка / facebook.com/gennadiy.mojeiko
Суд Партызанскага раёна Мінска адхіліў скаргу абароны на арышт журналіста "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Генадзя Мажэйкі, паведамляе "Інтэрфакс-Захад".
"Скаргу на пастанову... аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай у дачыненні да Генадзя Мажэйкі пакінуць без задавальнення", — абвясціла рашэнне суддзя.
Рашэнне суда можа быць абскарджанае і апратэставанае ў Мінскім гарадскім судзе.
Судовае пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме ў сераду.
Як паведамляла Еўрарадыё, 11 кастрычніка журналісту "КП у Беларусі" Генадзю Мажэйку выставілі абвінавачванне па арт. 130 "Распальванне сацыяльнай варожасці" і арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады" КК. У цяперашні час журналіст знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне.
Мажэйка напісаў на сайт kp.by матэрыял, у якім прывёў словы пра загінулага ў перастрэлцы з сілавікамі айцішніка Андрэя Зельцара ягонай аднакласніцы. Пасля гэтага ўлады заблакавалі сайт беларускай версіі "КП", а Мажэйка быў затрыманы. 5 кастрычніка "КП" закрыла сваё прадстаўніцтва ў Мінску.