Стала вядомае імя беларускага дыпламата-шпіёна ў Чэхіі — СМІ

Прага, ілюстрацыйнае фота

Прага, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Стала вядомае імя беларускага дыпламата, якога высылаюць з Чэхіі за шпіёнскую дзейнасць. Гэта Мікалай Дукшта, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.

Пра выкрыццё беларускай шпіёнскай сеткі ў краінах Еўропы стала вядома ўвечары 8 верасня. У Чэхіі паведамілі пра высылку аднаго з супрацоўнікаў беларуска амбасады. У Румыніі затрымалі былога намесніка кіраўніка разведкі Малдовы — 47-гадовага Аляксандру Балана. Таксама з'явіліся звесткі пра шпіёна ў Польшчы, які жыве недалёка ад мяжы з Беларуссю і працуе таксоўцам.

Службы бяспекі і інфармацыі Чэхіі не назвала імя беларускага шпіёна, які працаваў пад дыпламатычным прыкрыццём. На запыт Свабоды прадстаўнік службы адказаў, што расследаванне яшчэ працягваецца.

Імя дыпламата-разведчыка журналісты даведаліся з іншых крыніц. Паведамляецца, што Мікалай Дукшта з 2024 года займае ў амбасадзе ў Празе пасаду дарадцы і займаецца адміністрацыйнымі пытаннямі.

Арганізацыя былых сілавікоў BelPol знайшла ў беларускіх базах тры чалавекі з імем Мікалай Дукшта. Але ніводзін з іх не мае пазнакі аб сувязі з дыпламатычнай службай і не мае пашпартоў прыкрыцця, якія могуць выдавацца агентам.

"Магчыма, чалавек з такімі данымі — гэта легендаваная асоба. І яго сапраўдныя ініцыялы, імя і прозвішча, іншыя. А пашпарт прыкрыцця быў зроблены не так даўно. Тады ў нашай базе можа не быць такіх звестак", — кажа прадстаўнік арганізацыі Уладзімір Жыгар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.