Стала вядома, калі пачнуць судзіць палітзняволенага адваката Данілевіча

Аляксандр Данілавіч / spring96.org
Аляксандр Данілавіч / spring96.org

Палітзняволенага адваката Аляксандра Данілевіча пачнуць судзіць 10 сакавіка ў Мінгарсудзе. Пра гэта стала вядома праваабаронцам. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК) і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4).

Віна Данілевіча, паводле версіі следства, палягае ў тым, што ён "шляхам дачы парадаў, указанняў, прадастаўлення інфармацыі, аказання іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны". Апейкін і да нядаўняга часу Герасіменя ўзначальвалі Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.

Акрамя таго, Данілевічу ставяць у віну, што ён "падрыхтаваў і адрэдагаваў тэкст не менш як трох зваротаў" ад прадстаўнікоў стачачных камітэтаў. У гэтых зваротах, мяркуе следства, адвакат "выклаў загадзя ілжывыя звесткі аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дагаворныя адносіны з беларускім кантрагентам".

Праваабаронцы нагадваюць, што Данілевіч шматдзетны бацька. Яго затрымалі ў траўні 2022 года. А перад гэтым ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў супраць вайны ва Украіне. Пасля гэтага звароту на Данілевіча завялі дысцыплінарную вытворчасць у адвакатуры і звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 гадоў выкладаў на факультэце міжнародных адносін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.