Стала вядома імя затрыманага за шпіянаж беларуса

Уладзіслаў Надзейка / reform.news
Па падазрэнні ў шпіянажы супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) 8 верасня затрымалі грамадзяніна Беларусі. Выданне Reform.news сцвярджае, што затрыманага завуць Уладзіслаў Надзейка. Ён уваходзіў у беластоцкую харугву "Паспалітага рушэння".
Гаворка ідзе пра шпіёнскую сетку беларускага КДБ, якую апошнім часам выкрылі ў розных краінах Еўропы. У рамках гэтай аперацыі былі высланыя беларускія дыпламаты з Чэхіі, Польшчы і Малдовы. А ў Румыніі быў затрыманы адзін з экс-кіраўнікоў разведкі Малдовы Аляксандру Балан. У СМІ паведамлялася таксама, што адзін са шпіёнаў жыве недалёка ад беларуска-польскай мяжы, уваходзіць у беларускую апазіцыю і працуе таксоўцам.
10 верасня раённы суд Варшавы пастанавіў арыштаваць затрыманага беларуса на тры месяцы. Следства вядзе ABW.
33-гадовы Уладзіслаў Надзейка згадваецца ў рашэнні КДБ Беларусі, якое прызнае статус "экстрэмісцкага фармавання" за ініцыятывай "Беларуская грэнадзёрская харугва".
Таксама журналісты знайшлі ў інтэрнэце інфармацыю, што Надзейка зарэгістраваў у Польшчы ІП і аказваў паслугі па перавозцы людзей. Цяпер ІП закрыты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.