Справу дацэнта БДУ Дзмітрыя Гомана адправілі на дапрацоўку

Справу дацэнта кафедры класічнай філалогіі БДУ Дзмітрыя Гомана, якую разглядаў суд Савецкага раёна Мінска, адправілі на дапрацоўку. У пятніцу суддзя ў чарговы раз палічыла, што пратакол складзены міліцыянерамі з парушэннямі, таму яго вяртаюць у Савецкі РУУС. Міліцыя мае два тыдні на тое, каб яго перарабіць.
17 верасня Гоман каля Камароўкі зрабіў заўвагу ДАІшнікам, якія штрафавалі кіроўцаў і пры гэтым адзін з праваахоўнікаў здымаў парушэнні на ўласны мабільнік. Дацэнт палічыў, што гэта парушэнне (ён мае юрыдычную адукацыю), спыніў свой аўтамабіль, уключыў камеру на тэлефоне і пайшоў разбірацца. Гэтыя "разборкі" скончыліся для яго ў ізалятары на Акрэсціна, дзе ён прабыў з суботы да панядзелка. Суддзя тады ўжо адпраўляла пратакол на дапрацоўку.