Справа аб ДТЗ пад Быхавам з гібеллю людзей накіраваная ў суд
Здарэнне адбылося сёлета 29 студзеня.
Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд справу аб дарожнай аварыі ў Быхаўскім раёне, у якой загінула тры чалавекі. Крымінальную справу распачалі ў дачыненні 29-гадовага грамадзяніна Узбекістана, які быў за рулём тэхнічна няспраўнага аўтамабіля Chevrolet Klan.
Праязджаючы па дарозе Віцебск-Гомель, ён развіў хуткасць не меней за 90 км/г і не ўлічыў дарожныя ўмовы. Траса была заснежанай і коўзкай, з-за чаго няспраўны аўтамабіль вынесла на сустрэчную паласу, дзе ён сутыкнуўся з іншым аўтамабілем.
У выніку трое пасажыраў Chevrolet Klan атрымалі цяжкія пашкоджанні, ад якіх загінулі на месцы.
Кіроўца ўзяты пад варту, яму выстаўленыя абвінавачанні ў парушэнні правілаў дарожнага руху, якое па неасцярожнасці пацягнула за сабой смерць дваіх і болей асобаў. Яму пагражае да сямі год турмы, перадае БЕЛТА.
Фота з архіву