Смаргонец забіў брата і закапаў на могілках
Але выдала яго рука, якая засталася тырчаць з-пад зямлі.
У Смаргонскім раёне праваахоўнікі пачалі крымінальную справу на 36-гадовага мужчыну, якога падазраюць у забойстве зводнага брата.
Па версіі следчых, як перадае прэс-служба гродзенскай абласной міліцыі, мужчына забіў сваяка, на спіне вынес яго труп уначы на вясковыя могілкі і закапаў. Пры гэтым мужчына быў п'яны, таму не заўважыў, што не прысыпаў зямлёй руку ахвяры.
Праз некалькі дзён пасля здарэння ў міліцыю звярнулася маці зніклага. Амаль адразу аднавяскоўцы знайшлі яго труп на могілках у свежавыкапанай магіле.
Зводны брат забітага спярша адмаўляў сваю датычнасць да інцыдэнту. Але пасля "працэдуры паліграфа" ён прызнаўся, што прыдушыў брата. Яны пасварыліся праз тое, што ахвяра адмовілася даць грошай на выпіўку з нядаўна атрыманай пенсіі па інваліднасці.
Мужчына закапаў цела брата каля магіл іх бацькоў, пакінуўшы на могілках рыдлёўку, прынесеную з сабой з дому. Пазней рыдлёўку апазнала маці, пацвердзіўшы версію міліцыянтаў , што 45-гадовага мужчыну забіў нехта са сваіх.
Фота: uvd.grodno.by