Случанін напазычаў у знаёмых мільярд рублёў

Слуцкі райаддзел Следчага камітэта перадаў у пракуратуру для накіравання ў суд крымінальную справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Па справе паходзіць 28-гадовы непрацуючы жыхар Слуцка.

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, з лістапада 2012 года па сакавік 2015-га ён пазычаў у знаёмых грошы, не збіраючыся іх аддаваць. Ён пазычаў у знаёмых ад 100 да 5000 долараў. Мужчына казаў, што працуе менеджарам у фірме па арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў для замежных грамадзян-турыстаў. Каб не вяртаць пазычаныя грошы, ён кожны раз прыдумляў новую нагоду: цяжкасці з бізнесам, набыццё аўтамабіля, аплата навучання.

Насамрэч грошы ён выдаткоўваў на арэнду дарагіх аўтамабіляў і стаўкі ў букмекерскіх канторах.
 
Па звестках следства ахвярамі махлярскіх дзеянняў сталі 34 чалавекі. Шкода ад злачыннай дзейнасці склала каля 900 мільёнаў рублёў. Абвінавачанага ўзялі пад варту.

Фота: sb.by