Следчы камітэт пачаў 21 крымінальную справу па падзеях 9 жніўня

Следчы камітэт пачаў 21 крымінальную справу па падзеях 9 жніўня

Следчы камітэт пачаў 21 крымінальную справу "Па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі". Пра гэта прэс-служба ведамства заявіла ў афіцыйным Telegram-канале.

Падставай для крымінальных спраў сталі вулічныя акцыі ў ноч з 9 на 10 жніўня ў Мінску ды іншых гарадах краіны. 

Справы пачатыя па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: 

293 (масавыя беспарадкі);

363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываннем гвалту або пагрозай яго прымянення);

364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);

339 (хуліганства);

342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Паведамляецца, што па падазрэнні ў гэтых злачынствах затрыманыя больш за 80 чалавек. "Большасць з іх — маладыя людзі ва ўзросце 20-25 гадоў. Частка падазраваных у момант затрымання знаходзіліся ў стане наркатычнага або алкагольнага ап'янення", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СК.

Раней прэс-служба МУС паведаміла, што 9 жніўня і ў наступную ноч у Мінску былі затрыманыя каля тысячы чалавек. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.