Скандал у Венгрыі: паплечніца Орбана сыходзіць праз "чыста расісцкую прамову"
Орбан апраўдваўся: "Вы лепш за ўсіх ведаеце, што мой урад прытрымліваецца палітыкі абсалютнай нецярпімасці да расізму"/ pixabay
Даўняя паплечніца прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана Жужа Хегедус падала ў адстаўку. Хегедус — з найбліжэйшага атачэння Орбана, яна знаёмая з ім каля дваццаці гадоў. Яе справакавала прамова прэм'ера Венгрыі, якую ён зрабіў у Румыніі, піша ВВС.
У ёй Орбан сказаў, што еўрапейскія народы павінны мець права змешвацца адзін з адным, але змешванне з нееўрапейцамі стварыла "свет змяшаных расаў".
"Мы гатовыя змешвацца адно з адным, але мы не хочам рабіцца народамі змяшанай расы", — сказаў ён.
Хегедус назвала прамову Орбана "чыста нацысцкім тэкстам".
"Я не ведаю, як вы не заўважылі, што прамова, якую вы зрабілі, з'яўляецца чыста нацысцкай выкрывальнай крытыкай, годнай Ёзэфа Гебельса", — напісала яна ў сваёй заяве аб адстаўцы, паведамляе венгерскі навінавы сайт hvg.hu.
У лісце да сваёй цяпер ужо экс-дарадцы Орбан апраўдваўся: "Вы лепш за ўсіх ведаеце, што мой ўрад прытрымліваецца палітыкі абсалютнай нецярпімасці ў дачыненні як да антысемітызму, так і да расізму".
"Зямлю насяляе только адна раса, Homo Sapiens"
Венгрыя падзялілася на абаронцаў Орбана і яго лютых крытыкаў. Апазіцыйныя палітыкі, якія пацярпелі паразу ад партыі Орбана ў красавіку, заявілі, што яго прамова была "нявартай еўрапейскага дзяржаўнага дзеяча".
Міністр замежных спраў Румыніі выказаў шкадаванне, што такія выказванні былі агучаныя на тэрыторыі яго краіны.
А галоўны рабін Роберт Фрэліх сказаў, што "гэтую зямлю насяляе толькі адна раса, Homo Sapiens. І яна ўнікальная і непадзельная".
Але ў штодзённай урадавай газеце Magyar Nemzet выйшаў артыкул, у якім Орбана хвалілі за тое, што ён абараняе ідэю дзяржаўнасці ад спробаў змяшаць усе "ў шэрую, неадметную масу".
А прэс-сакратар прэм'ера Золтан Ковач заявіў, што медыя "занадта шмат кажуць пра пару рэзкіх радкоў аб іміграцыі і асіміляцыі".
Што яшчэ сказаў Орбан у Румыніі
Выступаючы тады ў Румыніі, Орбан таксама раскрытыкаваў санкцыі ў дачыненні да Расіі. Ён заявіў, што палітыка Захаду не працуе і што важна сканцэнтравацца на пошуку шляхоў для перамоваў. Орбан — адзіны лідар краіны ЕС, які адкрыта крытыкуе прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Пакуль астатнія краіны ЕС абдумваюць скарачэнне энергетычнай залежнасці ад Расіі, Венгрыя абмяркоўвае закупку яшчэ большых аб'ёмаў газу.