Сітуацыю з тэлеканалам "Белсат" абмяркуюць на дэбатах у польскім Сейме

Сітуацыю з тэлеканалам "Белсат" абмяркуюць на дэбатах у польскім Сейме

Дэпутаты Камісіі па міжнародных справах польскага Сейма хочуць абмеркаваць сітуацыю з тэлеканалам "Белсат" на парламенцкіх дэбатах. Пра гэта перадае беларуская служба Польскага радыё са спасылкай на дэпутата Сейма ад партыі "Грамадзянская платформа" Роберта Тышкевіча.

"Ліквідацыя "Белсата" будзе вельмі сур’ёзным рашэннем. Гэта паварот на 180 градусаў у польскай замежнай палітыцы. З гэтым паваротам мы не пагаджаемся і лічым яго палітычнай памылкай. /.../ Мы будзем патрабаваць, каб урад выконваў волю парламента. Нагадаю, што камісія па замежных справах аднагалосна прыняла рашэнне па ўзмацненні падтрымкі незалежных СМІ ў Беларусі, а не іх ліквідацыі", — заявіў Тышкевіч.

Камісія замежных справаў польскага Сейма 15 снежня прыняла дэкларацыю, у якой заявіла, што Польшча павінна павялічыць, а не скараціць падтрымку незалежным СМІ ў Беларусі. Пад дакументам пакінулі свае подпісы прадстаўнікі ўсіх палітычных партыяў, прадстаўленых у Сейме, а таксама намеснік міністра замежных справаў Польшчы Ян Дзядзічак.

Скандал вакол тэлеканала "Белсат" працягваецца ўжо каля тыдня. Польскія ўлады заявілі, што замест яго плануецца стварыць адзіны канал вяшчання для палякаў замежжа.