Сіноптыкі: У суботу ўначы месцамі замаразкі, але ўдзень пацяплее
Вялікіх ападкаў не прагназуецца.
У суботу, 9 траўня ў Беларусі чакаецца цёплае камфортнае надвор’е. Паводле інфармацыі Белгідрамета, наша краіна будзе знаходзіцца пад уплывам вобласці павышанага ціску і толькі на ўсходзе захаваецца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронта.
Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень месцамі па ўсходзе Магілёўшчыны і Гомельшчыны магчымыя невялікія кароткачасовыя дажджы. Раніцай у асобных раёнах з’явіцца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 2-8 градусаў, але месцамі чакаюцца замаразкі ад 0 да мінус 3 градусаў. Удзень слупкі тэрмометраў падымуцца да 15-21 градуса цяпла.
Цяплей за ўсё з абласных цэнтраў будзе ў Брэсце, халаднейшым за іншыя будзе Віцебск, паведамляе БелаПАН.
Фота з архіву