Сілавікі зладзілі хапун у Светлагорску
Анатоль Змітровіч / ced.by
14 лютага ў Светлагорску сілавікі затрымалі некалькіх мясцовых жыхароў і правялі ператрусы, пішуць праваабаронцы. Займаліся гэтым прадстаўнікі гомельскіх абласных структур міліцыі.
Паведамляецца, што затрымалі сем чалавек — чатырох мужчын і трох жанчын. Іх пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС.
Сярод затрыманых — Анатоль Змітровіч, які да нядаўняга часу быў індывідуальным прадпрымальнікам і актыўным удзельнікам прадпрымальніцкага руху. Таксама ён вядомы як экалагічны актывіст, які пратэставаў супраць будаўніцтва і запуска Светлагорскага завода беленай цэлюлозы, калі адбываліся шматлікія выкіды шкодных рэчываў у атмасферу. Апошнім часам Змітровіч працуе ў аўтасервісе.
Таксама затрымалі старшыню рэспубліканскага грамадскага аб’яднання "Людзі плюс" Таццяну Жураўскую. Арганізацыя, якой яна кіруе, працуе з людзьмі, якіх закранула праблема ВІЧ.
Астатнія затрыманыя працуюць на розных прадпрыемствах горада.
Мяркуецца, што 15 лютага суд Светлагорскага раёна будзе разглядаць іх справы.