Сілавікі і МЗС занепакоеныя акцыямі, якія пройдуць у Варшаве 9-10 жніўня

Вулічная акцыя ў Варшаве / wyborcza.pl
Удзельнікам акцый, якія ладзяць 9-10 жніўня дэмакратычныя сілы ў Варшаве, сілавікі пагражаюць "крымінальнымі справамі, ператрусамі і арыштамі маёмасці". Адпаведны допіс з'явіўся ў неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіК.
Яны заяўляюць, быццам "арганізатары з ліку тэрарыстычных і экстрэмісцкіх структур, якія падтрымлівае ўрад Польшчы, ствараюць негатыўную карцінку, мэта якой ціск на Беларусь і апраўданне незаконных санкцый і агрэсіі супраць нашай краіны".
Таксама сілавікі пішуць пра нібыта арганізаваныя на тэрыторыі Польшчы лагеры падрыхтоўкі для палітуцекачоў і дадаюць: "Асабліва гэта актуальна ў кантэксце польскай мілітарызацыі і сцягвання войскаў да ўсходняй мяжы".
Да кампаніі далучылася і Міністэрства замежных спраў. 5 жніўня туды выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы і ўручылі ноту супраць "запланаванага правядзення ў Варшаве дэструктыўнага мерапрыемства". Так дыпламаты Лукашэнкі назвалі Марш Свабоды і канферэнцыю, запланаваныя на 9-10 жніўня ў Варшаве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.