Што адбылося на АЭС і чаму страшна, што мы даведаліся пра гэта выпадкова?
Беларуская АЭС / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У спецыялістаў няма магчымасці высветліць, што насамрэч адбылося на Астравецкай АЭС у лютым 2022 года.
— Нават калі вы хочаце разабрацца выключна ў тэхнічных дэталях, каб зразумець, наколькі гэта небяспечна, Крэмль не ідзе на дыялог ва ўмовах вайны і палітычнага супрацьстаяння, — кажа Дзмітрый Гарчакоў, эксперт нарвежскай экалагічнай арганізацыі "Bellona Foundation". — Праблемы выявіліся на пакуль яшчэ нядзейным рэактары, рызыкі радыяцыйнай аварыі не было. Сапраўдная небяспека такой сітуацыі ў тым, што, калі б здарылася нешта сапраўды страшнае, нам бы пра гэта не расказалі.
Памятаеце, як "Расатам" адклаў запуск другога энергаблока?
Днямі Bloomberg са спасылкай на ўнутраныя дакументы "Расатама" напісаў, што ў лютым 2022 года на Астравецкай АЭС выявілася рэдкая праблема.
Паводле звестак выдання, у першы контур другога энергаблока прасочвалася іёнаабменная смала. Гэта магло прывесці да таго, што крытычныя элементы станцыі заклініць.
Адзіны неананімны эксперт Bloomberg у гэтым тэксце — Дзмітрый Гарчакоў. "Bellona" закрыла свае офісы ў Расіі ў 2022 годзе, і, знаходзячыся за межамі краіны, Дзмітрый можа каментаваць сітуацыю, не баючыся пераследу расійскіх уладаў. Мы папрасілі яго растлумачыць, ці фатальная ўцечка гэтай смалы.