Штаб Віктара Бабарыкі паведамляе аб затрыманні яго асабістай памочніцы

Галаўны офіс "Белгазпрамбанка" ў Мінску / Еўрарадыё
Штаб Віктара Бабарыкі паведамляе аб яшчэ адным затрыманні ў яго ініцыятыўнай групе. На гэты раз Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю прыйшоў да Алены Каргачовай — асабістай памочніцы патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, якая больш за 20 гадоў адпрапрацавала з ім у "Белгазпрамбанку".
Паводле інфармацыі штаба Бабарыкі, вечарам 1 ліпеня Алена Карагачова была затрыманая ДФР КДК і дастаўленая ў СІЗА КДБ. У чым яе падазраюць — пакуль не паведамлялася.
Адвакаты пачнуць абарону Каргачовай пры першай жа магчымасці.

Затрыманні сярод менеджараў "Белгазпрамбанка" працягваюцца з 11 чэрвеня, калі супрацоўнікі ДФР прыйшлі з ператрусамі ў сам банк і ў тры звязаныя з ім кампаніі. Фінансавая міліцыя пачала крымінальныя справы за ўхіленне ад выплаты падаткаў і легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.
Праз тыдзень, 18 чэрвеня, быў затрыманы экс-старшыня праўлення БГПБ Віктар Бабарыка, які сышоў з гэтай пасады ў сярэдзіне траўня 2020 года, каб балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Разам з ім быў затрыманы яго сын Эдуард, які кіраваў ініцыятыўнай групай патэнцыйнага кандыдата.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.