Шарэнда-Панасюк зноў абвінавачваюць у "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі"
Паліна Шарэнда-Панасюк у калоніі, вясна 2024-га / t.me/ATN_BTRC/
Паліне Шарэнда-Панасюк ужо трэці раз выставілі абвінавачванне ў "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі". Пра гэта @mediazona_by распавёў яе муж Андрэй Шарэнда. Меркавалася, што палітзняволеная выйдзе на волю 21 траўня. Але з калоніі яе адправілі ў следчы ізалятар у Гомелі, была распачатая новая крымінальная справа.
"Тое, што адбываецца з Палінай, гэта здзек і катаваньнне, — піша Шарэнда ў Facebook. — Маруднае забойства. Забойства жанчыны і маці". На волі Паліну Шарэнда-Панасюк чакаюць двое дзяцей.
Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста. За кратамі яна са студзеня 2021 года. У чэрвені 2021-га Паліна была асуджана на 2 гады пазбаўлення волі (яе абвінавацілі ў "гвалце" ў дачыненні да міліцыянераў і іх "абразе", а таксама ў "абразе Лукашэнкі"). Потым яе яшчэ двойчы судзілі за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Агульны тэрмін склаў 4 гады пазбаўлення волі. Вясной 2024-га прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з Шарэнда-Панасюк. У ім яна сказала, што напісала прашэнне аб памілаванні і спадзяецца на станоўчы вынік. Атрымліваецца, што рэжым вырашыў яе не выпускаць на волю.
Усе гэтыя гады палітзняволеная за кратамі трымалася мужна. Рада БНР узнагародзіла яе медалём ордэну Пагоні.