Шарэнда-Панасюк давялося падпісваць дамовы "аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве"

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі / spring96.org

Паліну Шарэнда-Панасюк у Беларусі двойчы прымушалі падпісаць "дамову аб канфідэнцыйным супрацоўніцтве". Першы раз гэта адбылося ў снежні 2024-га ў калоніі, другі раз — у ГУБАЗіКу ў Брэсце ў пачатку лютага. Пра гэта былая палітзняволеная распавяла 10 лютага на прэс-канферэнцыі ў Вільні. Яна дэзавуявала гэтыя дамовы.

"Гэта стандартная папера, якую падпісвалі ў многіх таталітарных рэжымах. Гэта называецца стукацтва", — кажа экс-палітзняволеная. Яна раскрыла свой псеўданім — "Эдэльвейс".

"З майго боку гэта быў тактычны крок, — кажа Шарэнда-Панасюк. — Яны выпрацавалі алгарытм вызвалення людзей. Ім недастаткова давесці чалавека да інваліднасці — ім трэба, каб ён здрадзіў сваім ідэалам".

Паліна Шарэнда-Панасюк заклікала іншых былых палітвязняў, якія падпісвалі падобныя паперы і знаходзяцца ў бяспецы, расказаць пра гэта.

Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста. За кратамі яна была са студзеня 2021 года. У чэрвені 2021-га Паліна была асуджана на 2 гады пазбаўлення волі (яе абвінавацілі ў "гвалце" ў дачыненні да міліцыянтаў і іх "абразе", а таксама ў "абразе Лукашэнкі"). У зняволенні яе яшчэ тройчы судзілі за "непадпарадкаванне адміністрацыі", павялічваючы тэрмін. Яна правяла за кратамі чатыры гады і адзін месяц — на волю апазіцыйную актывістку выпусцілі 1 лютага 2025 года. Праз некалькі дзён яна выехала за мяжу да сваёй сям'і.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.