Сцяпана Латыпава накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу
Пасля перапынку аднавіўся працэс па справе Сцяпана Латыпава / @viasna96
Палітвязня Сцяпана Латыпава, які 1 чэрвеня паспрабаваў скончыць жыццё самагубствам у зале суда, накіроўваюць на судова-псіхіятрычную экспертызу. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Пасля таго як Латыпаў зрабіў спробу суіцыду, з суда яго забралі медыкі. У той жа дзень у шпіталі яго прааперавалі, а ўжо ўвечары вярнулі ў СІЗА. Сёння працэс па справе Латыпава аднавіўся.
Сцяпан Латыпаў гэтым разам, па словах праваабаронцаў, быў прышпілены да канваіраў кайданкамі. Ён паспеў сказаць прысутным, што ўсе яго дзеянні звязаныя не з яго неадэкватнасцю, а "з супрацоўнікамі ГУБАЗ".
На цяперашняе судовае пасяджэнне змагло трапіць усяго каля 15 чалавек. Астатнім сказалі, што ў сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй больш "месцаў няма".
людзі, якіх не пусцілі, стаяць у чарзе на напісанне скаргі на першамайскі суд pic.twitter.com/UrDWmvbLmQ
— арчы (@patrickstea) June 10, 2021
Сцяпана Латыпава затрымалі ў мінулым верасні і абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: "арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў " і "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры".
Яму ставяць у віну арганізацыю дваровага telegram-чата і майстэрні па вырабе "пратэснай сімволікі", супраціў міліцыі пры затрыманні і тое, што ён увёў "у зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін". Латыпаў не прызнаў сваю віну ні па адным са згаданых эпізодаў.