РФ планавала ракетныя ўдары па Украіне яшчэ да выбуху на Крымскім мосце — ЗША
У выніку масіраванага расійскага абстрэлу 10 кастрычніка ва Украіне загінулі 19 мірных грамадзян, 105 пацярпелі / @dsns_telegram
Расія, падобна, "дастаткова доўга" планавала масіраваныя ракетныя ўдары па Украіне — яшчэ да выбуху на Крымскім мосце, лічыць спікер Савета нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі. Пра гэта піша CNN.
"Імаверна, гэта было тое, што яны планавалі дастаткова доўга. Гэта не значыць, што выбух на Крымскім мосце паскорыў некаторыя з іх планаў", — сказаў Кірбі.
Пры гэтым ён так і не змог выразна адказаць на пытанне, ці мяняе Пуцін стратэгію вядзення вайны — з пройгрышнай на поле бою на кампанію па падрыве маральнага духу ўкраінцаў з дапамогай разбурэння ўкраінскіх гарадоў і інфраструктуры. Такія дзеянні цалкам у духу новага камандуючага, які адказвае за вайну, Сяргея Суравікіна. Ён служыў у Сірыі і Чачні. У абодвух месцах Расія без разбору абстрэльвала грамадзянскія раёны і руйнавала забудаваныя раёны і інфраструктуру, нагадвае Кірбі.
Ва ўкраінскай разведцы таксама напярэдадні паведамілі, што расійскія акупанты рыхтавалі масіраваныя ракетныя ўдары па Украіне яшчэ з пачатку кастрычніка, нагадвае "Громадське". Выбух жа на Крымскім мосце адбыўся 8 кастрычніка.