Рэжым Лукашэнкі паступова руйнуе "сэрца Беларусі" — Ціханоўская

 "Унутры Беларусі людзі самастойна арганізуюцца"

 "Унутры Беларусі людзі самастойна арганізуюцца"

Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла з заявай з нагоды Сусветнага дня некамерцыйных арганізацый. "Грамадзянская супольнасць заўсёды была сэрцам Беларусі, — піша яна. — Гэта дабрачынцы, якія дапамагаюць тым, хто трапіў у бяду: падтрымліваюць пенсіянераў і людзей з інваліднасцю, прапануюць адукацыйныя магчымасці дзецям і моладзі, абараняюць правы чалавека, развіваюць культуру і адукацыю. Гэта адданыя, натхнёныя людзі, якія робяць нашае грамадства адкрытым, моцным і салідарным. Але рэжым паступова, па кавалачку, руйнуе гэтае сэрца".

Ціханоўская нагадвае, што за апошнія чатыры з паловай гады ў РБ было ліквідавана больш за 1800 арганізацый.

"Гэта спроба пазбавіць беларусаў адчування падтрымкі і магчымасці яднацца, працягвае Святлана Ціханоўская. — Але рэжыму не зразумець, што грамадзянская супольнасць — гэта не офісы і рэгістрацыі, а людзі. І гэтыя людзі, нягледзячы на пагрозы і ціск, не зніклі, а нават ва ўмовах бясконцых рэпрэсій беларусы працягваюць дапамагаць адно аднаму".

Па даных кіраўніцы АПК, "унутры Беларусі людзі самастойна арганізуюцца — і ладзяць ініцыятывы ўзаемадапамогі, каб ніводзін з тых, хто патрапіў у бяду, не застаўся сам-насам са сваімі праблемамі". А арганізацыі, якія вымушана спынілі працу ў Беларусі, дапамагаюць беларусам у замежжы.

"Гэтая салідарнасць — тое, што заўсёды нас аб’ядноўвае, — гаворыцца ў заяве Святланы Ціханоўскай. — І пакуль ёсць людзі, гатовыя падставіць плячо, дапамагчы, выказаць словы падтрымкі — грамадзянская супольнасць жыве. Яна жыве ў кожным з нас. І ніякая дыктатура не зможа гэта знішчыць". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.