У Віцебску моладзь паказвае прыкладам мясцовым уладам
Група “Мусора.Больше.Нет” правяла ў горадзе ўжо дваццатую акцыю.
Дзесяткі два хлопцаў і дзяўчат зладзілі ў Віцебску прыборку у бадай што самай жывапіснай зоне адпачынку жыхароў абласнога цэнтру — на Юр’евай горцы. Энтузіясты не належаць ні да якіх грамадскіх арганізацый, і, тым не менш, гэта ўжо дваццатая іх сумесная акцыя.
Група “Мусора.Больше.Нет” з’явілася каля года таму. Валанцёры пазнаёміліся і пасябравалі у сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. Яны проста час ад часу збіраюцца разам, каб прыбраць смецце ў месцах адпачынку. Зімой, калі ўсё пад снегам, дапамагаюць дзіцячым дамам — водзяць дзетак у тэатр, збіраюць для іх падарункі.
Большасць з хлопцаў і дзяўчат не п’юць і не паляць, выступаюць за здаровы лад жыцця. Ніякай спонсарскай дапамогі яны не атрымліваюць — і мяхі для смецця, і пальчаткі для працы набываюць за ўласныя грошы. Дарэчы, каб паўдзельнічаць у прыборках, некаторыя прыязжаюць у Віцебск з іншых рэгіёнаў вобласці, а часам нават і з Мінску.
Сярод смецця часам трапляюцца незвычайныя рэчы, але пераважна прыбіраць даводзіцца бутэлькі, аднаразовыя пластыкавыя стаканчыкі, пачкі з-пад цыгарэт і недакуркі. Звычайна там, дзе ўжо прыбіралі, адпачываючыя кідаюць менш смецця.
Вось што сказаў Еўрарадыё адзін з валанцёраў Аляксандр Драмук: "Там, дзе чыста, там асабліва не кідаюць смецце, дзе ўжо ёсць смецце, кажуць "ну, і мы таксама кінем", а калі чыста, дык не кідаюць. Мы нават тут вось на Юр’евай горцы прыбіралі месяца паўтары таму, і бачым, што нашмат менш смецця кідаюць".
Мясцовыя ўлады ніяк не рэагуюць на дзейнасць дзівакоў, што на ўласнае жаданне ды за ўласны кошт прыбіраюць смецце. Не замінаюць, але і дапамогі ніякай валанцёры пакуль не бачылі. Адзін з арганізатараў першых акцый Уладзімір “Боб” Гембіцкі лічыць, што чынавенству так спадручней:
"Гэта весела, гэта карысна для горада, гэта здорава, і нікому думаць не трэба. З іншага боку, хацелася б заявіць гэткімі акцыямі, гэткімі метадамі, што вось яно, поле для працы неўзаранае!"
Сабранае ў мяхі смецце валанцёры прыносяць бліжэй да дарогі, каб камунальшчыкам было зручна вывезці яго. На засохлыя дрэвы прыбілі шыльдачкі з вершамі ды заклікамі прыбіраць за сабой смецце. Напрыканцы акцыі маладыя людзі зладзілі невялічкі пікнік ля вогнішча. І, вядома ж, прыбралі за сабой як мае быць.