Чыноўнік: Прэтэнзіі Літвы да беларускай АЭС — гэта палітычнае пытанне
Галоўная прэтэнзія Літвы да будаўніцтва беларускай АЭС — тое, што атамная электрастанцыя будзе змяшчацца на адлегласці 50 кіламетраў ад Вільні.
Але гэта пытанне ў першую чаргу палітычнае і эканамічнае, заявіў начальнік упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў Аляксандр Андрэеў.
Па словах чыноўніка, Літва супраць будаўніцтва беларускай АЭС, бо гэта негатыўна адаб’ецца на іх рынку збыту.
Андрэеў: “У гэтым рэгіёне плануецца пабудаваць беларускую АЭС, у калінінградскай вобласці, а таксама ў Польшчы… Адпаведна рынак збыту і інвестыцый для Вісагінаўскай атамнай станцыі на сёння — праблематычны. Таму Літва любым чынам спрабуе супрацьстаяць будаўніцтву атамных станцый у гэтым рэгіёне”.
Нагадаем, што днямі Літва абвінаваціла Беларусь у будаўніцтве АЭС на тэктанічным разломе. Але спадар Андрэеў кажа, што суседзі самі будуюць АЭС на трэшчыне, і пачалі вінаваціць Беларусь, каб адвесці ад сябе ўвагу.