Былы ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС бамжуе ў Мінску

Кватэру ў Мінску сям’я ліквідатара аварыі на ЧАЭС Аляксандра Крата атрымала ў 1993 годзе. З Брагіна ў Мінск ён пераехаў разам з жонкай і дачкой. Праўда, праз тры гады яны развяліся, але засталіся жыць у адной кватэры і вялі агульную гаспадарку.

У 1999 годзе былая жонка завяла размову аб прыватызацыі кватэры. Той пагадзіўся, яшчэ не здагадваючыся, чым гэта скончыцца.

Аляксандр Крот: “У 1999 годзе прыватызавалася кватэра. Я даў дазвол, напісаў заяву. Але даваў дазвол на прыватызацыю на льготных умовах — у той час ішла бясплатная прыватызацыя. А мая былая жонка прыватызавала яе, як ёй было выгадна: не на льготных умовах, а на агульнай падставе, з даплатай”.

Пасля такой прыватызацыі жонка Аляксандра стала асноўным домаўладальнікам. Але жыць працягвалі разам, і ён на гэты факт увагі не звяртаў. Канчаткова сям’я Кратоў развалілася ў 2002 годзе, пасля вяртання былой жонкі Аляксандра з ЗША, дзе яны з дачкой пражылі год. Амаль адразу пасля прыезду жонка, расказвае былы ліквідатар, пачала выжываць яго з хаты.

Аляксандр Крот: “Яна пачала казаць, каб я пакінуў ёй кватэру. Раіла мне скокнуць з балкона, павесіцца. Я запытаўся: “У чым прычына?” — а яна кажа: “Ты мне перашкаджаеш”.



Рэч у тым, што ўдзел у ліквідацыі аварыі на ЧАЭС не абышоўся для Аляксандра без наступстваў. Ён перанёс некалькі аперацый, выдалялі пазванок, у адной назе косткі замянілі пратэзам. Працаваць "па шабашках", як раней, і прывозіць добрыя грошы з Расіі ён ужо не мог.

У 2004 годзе Аляксандра ізноў паклалі ў шпіталь. І ў гэты ж час ягоная былая жонка падала ў суд заяву на раздзел маёмасці. Мала таго, што позву ў суд ліквідатару не перадалі, дык выклікалі на пасяджэнне ў якасці трэцяй асобы яго маці.

Аляксандр Крот: “У 2004 годзе, калі быў гэты суд, у пратаколе напісалі, што я атрымаў пазоў і за яго распісаўся. Я не атрымліваў ніякага пазову! І яшчэ ў пратаколе было напісана, што я ніякай цікаўнасці да гэтай жылплошчы не маю. Але як так можа быць?!”

Каб "не пакрыўдзіць" ліквідатара, суд пакінуў яму ў кватэры частку жылплошчы — 100 квадратных сантыметраў! Такім чынам, Аляксандр ва ўласнай кватэры страціў права карыстальніка, а жонка паставіла новыя жалезныя дзверы і сігналізацыю.

Аляксандр Крот: “Яна паставіла металічныя дзверы, і мяне туды не пускаюць. У мяне засталіся там дакументы, я паспеў узяць толькі пашпарт, працоўную і ваенны білет. Там і атэстат, і пасведчанне аб нараджэнні, і пасведчанне машыніста халадзільных прылад, і пасведчанне кіроўцы. Я ва ўчастковага запытаўся, як гэтыя дакументы можна забраць. А ён мне сказаў, што пакуль не будзе рашэння суда, доступу туды мне няма”.

Больш за тое, па заяве былой жонкі Аляксандра выпісалі з кватэры. Але іншага жылля, як гэта мусіць быць паводле закону, не далі. Як вынік — нікуды не прапісалі і ён стаў бамжом. У кватэры маці яго прапісаць не могуць: разам з ёй пражывае малодшы сын з сям’ёй. Былы ліквідатар нават памяняць пашпарт, тэрмін якога выйшаў, без прапіскі не мае права. Цяпер Аляксандр Крот начуе, дзе пашанцуе: у сяброў і знаёмых. Раз на тыдзень прыходзіць да маці, каб памыцца.

Змагацца за інтарэсы Аляксандра стала маці, спрабуючы дамагчыся вяртання сыну яго ж кватэры. Звярталася і ў суд, і ў пракуратуру, і ў Адміністрацыю прэзідэнта — але безвынікова.



Груня Крот: “У мяне безліч адпісак з Вярхоўнага суда аднаго Аляксандра Федарцова (першы намеснік старшыні Вярхоўнага судаЕРБ). У мяне толькі з пракуратуры 140 адпісак! Увесь гэты час пісала ў Адміністрацыю прэзідэнта. Нават 8 разоў пісала, каб мяне Аляксандр Рыгоравіч асабіста прыняў. Але ў мяне ад Станіслава Буко (начальніка ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян АдміністрацыіЕРБ) адпісак — што з пракуратуры! Былі ў Ладуцькі на прыёме (старшыня МінгарвыканкамаЕРБ), дык яны выклікалі на нас АМАП!”









Абскарджваць рашэнне суда, пісаць скаргі ў Вярхоўны суд і Генпракуратуру Груні Крот дапамагаў віцэ-прэзідэнт “Міжнароднай асацыяцыі абароны правоў чалавека” Мікалай Мякека. На яго думку, суд першапачаткова парушыў закон у адносінах да Аляксандра Крата.

Мікалай Мякека:
“Не тое важна, колькі яму выдзелілі — метр, два ці тры. Рэч у тым, што асоба, якая пражывала ў кватэры, пасля яе прыватызацыі захоўвае ўсе правы на пражыванне там пажыццёва. Яго не маглі выселіць. Гэта не юрыдычнае рашэнне”.

Згодна з яго словамі, перагледзець рашэнне першага суда можна будзе толькі ў тым выпадку, калі хтосьці з кіраўнікоў Вярхоўнага суда ці Генпракуратуры вынесе пратэст у прэзідыум Мінскага гарадскога суда. Але, кажа, прызнаваць свае памылкі і выпраўляць іх судовая сістэма вельмі не любіць. І наўрад ці можна чакаць у справе Крата станоўчага выніку.



Але Груня Крот не збіраецца супакойвацца і надалей будзе пісаць лісты ва ўсе магчымыя інстанцыі. У суботу яна ездзіла да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе Лукашэнка сустракаўся з рэгіянальнымі расійскімі журналістамі. Спадзявалася паперы па справе сына перадаць у рукі кіраўніку краіны. З’ездзіла дарма: асабістай сустрэчы з прэзідэнтам і там не адбылося.



Дарэчы, былая жонка Аляксандра вось ужо некалькі гадоў жыве ў ЗША, а жытло здае кватарантам, пакуль яе былы муж бамжуе.

Фота: Змітра Лукашука