Беларусы запатрабавалі спыніць праект Вісагінскай АЭС

У звароце змяшчаецца патрабаванне спыніць рэалізацыю праекта Вісагінскай АЭС і правесці паўнавартасны ўлік меркаванняў грамадзян Літвы і Беларусі. Нагодай стала падпісанае 23 снежня пагадненне паміж урадам Літвы і японскім канцэрнам Hitachi-GE Nuclear Energy Ltd, звязанае з будаўніцтвам і фінансаваннем атамнай электрастанцыі.

Вісагінскую станцыю мяркуюць размясціць на пляцоўцы Ігналінскай АЭС, якая знаходзіцца на мяжы з Беларуссю. Тэхналогія, абраная літоўцамі для гэтага аб’екта, — гэта аднаконтурны кіпячы рэактар, прататып якога выкарыстоўвалі на “Фукусіме”.

Група беларускіх і расійскіх эколагаў у распаўсюджаным адкрытым лісце заяўляе, што японскі канцэрн прыйшоў на літоўскі рынак, бо ў Японіі і Тайвані губляецца інтарэс да атамных энергетычных тэхналогій. “Мы заклікаем урад Японіі адмовіцца ад двайных стандартаў і не падтрымліваць экспарт сваіх АЭС, — гаворыцца ў лісце. — Мы лічым, што Балтыйскі рэгіён не павінен стаць звалкай смяртэльна небяспечных тэхналогій”.