Рассельгаснагляд ізноў узяўся за беларускія яблыкі

Рассельгаснагляд заўважыў, што ў верасні-кастрычніку 2016 года імпарт яблыкаў у Расію праз Бранскую і Смаленскую вобласці ўзрос у 10 разоў. Сярэднясутачны аб'ём ўвозу павялічыўся з 40 тон да 400 тон. Пры гэтым доля Беларусі ў гэтых пастаўках вырасла да 85%, паведамляе ўпраўленне Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях.
"Такую дынаміку не варта разглядаць толькі ў кантэксце "сезона збору ўраджаю ў Беларусі", — мяркуюць спецыялісты расійскага ведамства. — Павелічэнне аб'ёмаў паставак нясе рызыкі рээкспарту садавіны з краін, якія трапілі пад эмбарга".
З мэтай выключэння такіх рызыкаў і пацверджання аб'ёмаў яблыкаў, якія ўвозяцца з Беларусі, Рассельгаснагляд плануе накіраваць сваіх фітасанітарных інспектараў у месцы захоўвання ўраджаю 2016 года.