Расследаванне па справе Эдуарда Пальчыса завершанае, матэрыялы перадалі ў суд

Эдуард Пальчыс / Еўрарадыё​
Эдуард Пальчыс / Еўрарадыё​

Расследаванне па справе блогера Эдуарда Пальчыса завершанае, матэрыялы перададзеныя ў пракуратуру для накіравання ў суд, паведамілі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску.

Паводле версіі следства, "злачынная дзейнасць" Пальчыса "пачалася яшчэ ў 2016 годзе і ажыццяўлялася аж да яго затрымання ў верасні 2020 года". Галоўная прэтэнзія — публікацыя матэрыялаў, якія былі накіраваныя, лічаць у СК, "на распальванне сацыяльнай варожасці" ў дачыненні да сілавікоў, дзяржслужбоўцаў і прадстаўнікоў улады. Следства таксама мяркуе, што "Пальчыс займаўся арганізацыяй масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

У выніку яму выстаўленыя абвінавачванні па чатырох артыкулах КК: у распальванні варожасці (ч.3 арт. 130 КК РБ), арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293), арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342), а таксама ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 арт. 361).

Праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязнем. Гэтай восенню ён даў з-за кратаў інтэрв'ю "Нашай Ніве". Расказаў, што трымацца за кратамі дапамагаюць сябры і сям'я — ягоная цяжарная жонка вымушаная была спешна з'ехаць за мяжу і ўжо там нарадзіла дачку. Паскардзіўся на інфармацыйную блакаду, у тым ліку на адсутнасць лістоў: "З красавіка лісты амаль не прыходзяць. Хіба што ад сваякоў і тое не ўсе. Калі я не адказаў на ваш ліст — значыць, ён да мяне не дайшоў".

Пальчыс таксама не бачыць падставы для адчаю ў тым, што крызіс у Беларусі зацягнуўся. "Калі б усё было хутка і проста, то нацыя б не зрабіла важныя высновы, якія, я спадзяюся, яна зрабіла цяпер. Усё сапраўднае і годнае даецца праз выпрабаванні. Таму мы і перажываем унікальны час, хай і цяжкі. Гэта трэба выкарыстоўваць для ўсведамлення сапраўднага і добрага, будучыні і мінулага", — лічыць ён. Эдуард Пальчыс таксама не выключыў, што суд над ім будзе закрытым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.