Расійскія ўлады ўпершыню паведамілі аб гібелі ва Украіне мабілізаваных
Так у Коркіне ў канцы верасня праважалі мабілізаваных / gpkorkino.ru
Расійскія ўлады ўпершыню паведамілі аб гібелі ва Украіне мабілізаваных. Губернатар Чалябінскай вобласці Аляксей Тэкслер пацвердзіў гібель пяці чалавек, адпраўленых у канцы верасня на вайну. З часу аб'яўлення ў РФ мабілізацыі прайшлі толькі тры тыдні.
"На жаль, ваенкамат пацвердзіў інфармацыю аб гібелі пяці паўднёваўральцаў, прызваных з коркінскага ваеннага камісарыята, — гаворыцца ў заяве губернатара. — ...Акажам усю неабходную дапамогу родным і блізкім нашых загінулых воінаў".
Мясцовыя ўлады паабяцалі выплаціць сваякам загінулых па мільёну рублёў у дадатак да федэральных выплатаў.
Напярэдадні стала вядома, што пад Лісічанскам ва Украіне загінуў мабілізаваны 25 верасня адвакат з Санкт-Пецяпбурга Андрэй Нікіфараў.
"Бі-Бі-Сі" нагадвае, што з пачатку мабілізацыі ў Расіі не менш за дзясятак чалавек памерлі, не даехаўшы да фронту.