Расійскі сенатар лічыць нармальнымі рознагалоссі паміж Мінскам і Масквой

Расійскі сенатар лічыць нармальнымі рознагалоссі паміж Мінскам і Масквой

Перыядычныя рознагалоссі паміж Беларуссю і Расіяй з'яўляюцца абсалютна натуральным працэсам. Такре меркаванне выказаў кіраўнік камітэта Савета федэрацыі Расіі па міжнародных справах Канстанцін Касачоў, перадае ТАСС.

"Вы мне назавіце прыклад любога іншага інтэграцыйнага праекта або любых іншых двухбаковых адносінаў, дзе б не ўзнікалі час ад часу праблемы. Не існуе такога... Тое, што ў нашых адносінах адбываецца, — цалкам нармальна, гэта абсалютна натуральны працэс. І чым больш мы будзем адзін з адным прамаўляць нашы чаканні, прэтэнзіі, пытанні адно да аднаго, тым больш трывалымі ў канчатковым выніку будуць станавіцца нашыя адносіны", — заявіў расійскі сенатар.

Як прыклад ён згадаў адносіны ЗША і Канады, ЗША і Мексікі. Гаворачы пра Еўрасаюз, ён прывёў прыклад дыскусіі паміж Італіяй і Францыяй, "калі дайшло да адклікання амбасадара". 

У адносінах паміж Беларуссю і Расіяй апошнім часам шмат праблемных пытанняў. Так, афіцыйны Мінск хоча атрымаць кампенсацыю за расійскі падатковы манеўр у нафтавай сферы. Яшчэ адзін аспект — пастаўкі прадуктаў: 12 красавіка Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі яблык і грушаў з Беларусі па падазрэнні, што наша краіна займаецца іх рээкспартам.

Найбольш вострыя спрэчкі адбываюцца паміж МЗС Беларусі і расійскім амбасадарам Міхаілам Бабічам. У красавіку беларускае дыпламатычнае ведамства нават абвінаваціла Бабіча ў спробе разбурыць сяброўскія адносіны дзвюх краін.