За мяжой жывуць 400 тысяч беларусаў — экспертка BEROC

Эміграцыя
Не меней як 400 тысяч беларусаў жывуць і працуюць за мяжой. Гэта складае 4,4% ад агульнага насельніцтва краіны.
Такія лічбы атрымала экспертка BEROC Анастасія Лузгіна, склаўшы звесткі па асноўных кірунках эміграцыі беларусаў, піша выданне Банк Ідэй.
На пачатак 2025 года ў краінах ЕС пражывала мінімум 250 тысяч беларусаў. У Расіі па стане на 2023 год было 124 тысячы працоўных мігрантаў з Беларусі. 12,8 тысячы грамадзян Беларусі пражывалі ў Грузіі па стане на 1 студзеня 2025 года.
Нават паводле розных афіцыйных ацэнак за апошнія гады Беларусь пакінулі сотні тысяч чалавек. У кастрычніку 2023 года намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацаніў беларускую эміграцыю пасля 2020 года ў 350 тысяч чалавек. Эканамісты і сацыёлагі ацэньваюць колькасць мігрантаў, якія пакінулі Беларусь з 2020 года, у межах ад 100 тысяч да 500 тысяч чалавек.
Паводле падлікаў Лузгіной, праз адток беларускіх спецыялістаў эканоміка краіны штогод недаатрымлівае даданай вартасці каля 13-15 мільярдаў рублёў (4-4,6 мільярда долараў). Асабліва заўважна, кажа яна, пацярпеў ІТ-сектар. У выніку эміграцыі доля IT у валавым нацыянальным прадукце Беларусі знізілася з 7,1% да 4,5%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.