Расійскі RuTube акрамя іх саміх ніхто не глядзіць — намесніца міністра сувязі

Таццяна Рускевіч і Андрэй Павук

Таццяна Рускевіч і Андрэй Павук / "Рудабельская паказуха"

Беларускія ўлады не спяшаюцца блакаваць відэахостынг YouTube, бо беларускія і расійскія аналагі ніхто не глядзіць. Пра гэта намесніца міністра сувязі і інфарматызацыі Таццяна Рускевіч расказала блогеру Андрэю Павуку.

На пытанне пра магчымасць адключэння YouTube чыноўніца сказала, што беларусы паставяць VPN і будуць далей глядзець відэаролікі. А дзяржава, маўляў, на гэтым можа страціць:

"Але ў нас тады не будзе інструмента, каб супярэчыць і процідзейнічаць усяму дрэннаму, што пра нас кажуць. Справа ў тым, што YouTube — гэта вельмі добры спосаб прадаваць паслугі нашых прадпрыемстваў за межы краіны і гэтым забяспечваць працу эканомікі і выплату пенсій нашым грамадзянам".

Яна раскрытыкавала стратэгію Расіі, якая блакуе гэты відэахостынг. "Рабіць як Расія і ад усяго адгарадзіцца — гэта дрэнная гісторыя. Трэба ўмець рызыкамі кіраваць, а не выдаляць", — падкрэсліла намесніца міністра. Між тым, у Беларусі ў жніўні 2020 года інтэрнэт адключалі цалкам на тры дні, а цяпер масава блакуюць і прызнаюць "экстрэмісцкімі" альтэрнатыўныя СМІ і крыніцы інфармацыі.

Блогер пацікавіўся, чаму ў Беларусі не стварылі свой аналаг YouTube. "Нават калі мы іх прыдумаем, іх глядзець ніхто не будзе. У нас яны, можа і ёсць... Некаторыя ёсць... Але іх не глядзяць", — прызналася Рускевіч.

Як прыклад яна згадала расійскі сэрвіс: "Вось расіяне зрабілі RuTube. Ніхто ў свеце яго не глядзіць, акрамя іх саміх. Таму яны праз нас прадаюць сваю прадукцыю. Шмат што прадаецца праз нашы кампаніі, якія ў YouTube, у TikTok".

Згадаў Андрэй Павук і айчынны відэахостынг "Відэа.бел", які ўлады абвяшчалі "беларускім аналагам YouTube". Блогер ахарактарызаваў яго як "зусім мёртвы".

"Таму што ніхто не хоча на ім нічога размяшчаць. Калі прадукцыю на ім размяшчаць, яна не будзе запатрабаваная", — патлумачыла намесніца міністра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.