Расіянін, затрыманы ў Польшчы за шпіянаж, прыязджаў на пратэсты ў Беларусь
Ігар Рогаў / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку
Расіянін, затрыманы ў Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы, прыязджаў на пратэсты ў Беларусь. Тады Ігар Рогаў быў каардынатарам руху "Адкрытая Расія".
11 жніўня 2020 года яго разам з яшчэ адным расіянінам схапілі ў цэнтры Мінска, жорстка збілі і кінулі ў ізалятар. Але ненадоўга: ужо 14 жніўня Рогаў апынуўся ў Маскве і расказваў у інтэрв'ю пра бесчалавечныя адносіны беларускіх сілавікоў.
А нядаўна мужчыну затрымалі ў Польшчы. Яго падазраюць у шпіянажы на карысць расійскага ФСБ. З неафіцыйных крыніцаў вядома, што Рогава здала жонка, якая западозрыла яго ў сямейнай нявернасці.
"Я мусіў займацца тым, што мне падабаецца: улівацца ў шэрагі расійскіх апазіцыянераў, знаёміцца з новымі людзьмі і ў выніку паведамляць пра ўсё ў ФСБ. Мне здавалася, што я прыношу больш карысці, чым шкоды", — цытуюць прызнанне актывіста польскія медыі. Ён заявіў, што пайшоў на супрацу са спецслужбамі пад пагрозай шантажу: ягонага бацьку абяцалі адправіць на вайну супраць Украіны.
Падчас расследавання польскія спецслужбы знайшлі ў смартфоне Рогава фатаграфіі газаправода Сасновец і цеплатрасы Таурон. Таксама вядома, што ён прасіў жонку адвезці ў Расію флэшку з зашыфраванай справаздачай. У СМІ пішуць таксама, што на імя Рогава іншы расіянін выслаў пасылку з кампанентамі для выбуховага прыстасавання.