Расія ўвядзе з 1 студзеня харчовае эмбарга супраць Украіны

Расія ўвядзе з 1 студзеня харчовае эмбарга супраць Украіны

Урад Расіі вырашыў з 1 студзеня ўвесці харчовае эмбарга супраць Украіны. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Расія 24" заявіў міністр эканамічнага развіцця РФ Аляксей Улюкаеў.

"Паколькі Украіна далучылася да санкцый супраць Расійскай Федэрацыі — эканамічных, фінансавых, мы прынялі рашэнне аб увядзенні... абарончых мер у выглядзе харчовага эмбарга. Проста гэта рашэнне мае адтэрмінаваны характар. Яно таксама адтэрмінаванае да 1 студзеня", — перадае ТАСС словы расійскага чыноўніка.

Па словах Улюкаева, Расіі давядзецца ў аднабаковым парадку абараняць свой рынак ад некантраляванага доступу тавараў праз мытную тэрыторыю Украіны, тавараў з трэціх краін, перш за ўсё з краін Еўрасаюза. На яго думку, у такой сітуацыі няма падставаў захоўваць нулявую стаўку мытнага тарыфу з Украінай.

Нагадаем, 16 верасня 2015 года прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ пра санкцыі супраць 388 фізічных і 105 юрыдычных асоб Расіі. Раней гэты "чорны спіс" быў зацверджаны Саветам нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

Фота: obzor.press