Расія не спяшаецца: які план на Беларусь можа быць у Крамля?

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт РФ / rosbalt.ru
Для Расіі натуральна гуляць "удоўгую", і яна працуе над інтэграцыяй па некалькіх напрамках. Частку сваіх ідэй рэалізоўвае праз саюзныя праграмы, а частку рэалізоўвае ўжо цяпер, лічыць аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.
"Калі мы гаворым пра вынікі санкцыйнага ціску, то ён кідае значную частку беларускіх прадпрыемстваў у абдымкі Расіі. Што ёй цікава? Дзяржваенпрам, машынабудаванне, нафтахімія і энергетыка. Маючы на вузлавых пунктах свае актывы, ты кантралюеш усю галіну эканомікі", — кажа Тышкевіч.
На яго погляд, яшчэ тры гады таму Расія магла толькі марыць пра кантроль беларускіх экспартных патокаў. Цяпер яна на самай справе можа ўзяць іх пад кантроль.
"Гаворка ідзе і пра перанакіраванне беларускай калійкі ў расійскія парты, і пра перанакіраванне прадукцыі іншых прадпрыемстваў па тэрыторыі РФ. Пры любых форс-мажорах — напрыклад, няма свабодных вагонаў — будзе запавольвацца беларускі экспарт, зрывацца беларускія кантракты, і гэта пятля на шыі афіцыйнага Мінска. З гэтага пункту гледжання Расія ўжо выйграла", — лічыць эксперт.
На каго, акрамя Лукашэнкі, мог паставіць Крэмль? Тышкевіч мяркуе, што ў Расіі не было ўласнага палітычнага прадстаўніцтва ў Беларусі. У гэтым сэнсе нельга параўноўваць Беларусь з Крымам.
"У адрозненне ад Крыма ў Беларусі няма ўласнай прарасійскага палітычнага войска. У Беларусі няма альтэрнатыўных гульцоў на расійскім полі, якія сказалі б: мы любім Расію. Для Крамля гэта праблема, стаіць пытанне падрыхтоўкі ўласнай эліты", — кажа Тышкевіч.
Ён мяркуе, што для Крамля важна стварыць адзін або некалькі палітычных праектаў, якія ў пэўны момант будуць прадстаўляць расійскія інтарэсы. І зусім не абавязкова, каб яны "бегалі з трыкалорам": сцяг можа быць і бел-чырвона-белы.
"Да моманту дэмакратызацыі беларускае грамадства будзе расколатае на дзве часткі, якім будзе цяжка дамаўляцца адна з адной. У такі момант з'яўляецца так званая залатая акцыя — адносна невялікая палітычная сіла, якая ў абмен на далучэнне да кааліцыі атрымае або квоту ва ўрадзе, або нешта яшчэ. І ў такім выпадку на хуткім рэфармаванні можна будзе ставіць крыж. Расія на гэта ставіць і не спяшаецца", — кажа эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.