Расія можа страціць $570 млрд ад санкцыяў і падзення коштаў на нафту

Расія можа страціць $570 млрд ад санкцыяў і падзення коштаў на нафту

Страты расійскай эканомікі ад фінансавых санкцыяў і падзення коштаў на нафту могуць скласці каля 570 мільярдаў долараў у 2014-2017 гадах, паведамляе ВВС са спасылкай на расійскае выданне “Ведомости”.

Як мяркуюць фінансавыя эксперты, страты ад санкцыяў складуць каля 170 мільярдаў долараў, а недаатрыманыя прыбыткі ад экспарту вуглевадародаў — каля 400 мільярдаў долараў.

Уплывы гэтых шокаў не проста складаюцца ў суму, але ўзаемна ўзмацняюцца.

Назапашаныя страты росту эканомікі на гэты перыяд складуць 8,4% ад ВУП або ў сярэднім мінус 2,1 працэнтнага пункту штогод.

Беларуская эканоміка наўпрост залежыць ад коштаў на расійскую нафту, якую закупляе для перапрацоўкі. Разам са зніжэннем цаны на вуглевадароды зніжаецца і цана нафтапрадуктаў. Апроч таго, расійскі рубель, залежны ад сітуацыі на нафтавым рынку, уваходзіць у кошык валют, да якога прывязаны беларускі рубель. Дэвальвацыя расійскага рубля цягне за сабой абясцэньванне беларускай нацыянальнай валюты.