П'яны пенсіянер за 20 хвілінаў учыніў у Мінску тры аўтааварыі

Мінская ДАІ склала восем адміністрацыйных пратаколаў на 65-гадовага кіроўцу, які ўчыніў тры ДТЗ на Мінскай кальцавой аўтадарозе.
Як інфармуе БелаПАН, 18 кастрычніка прыкладна ў 18.20 мужчына ехаў на "Пежо-Эксперт" па МКАД з боку Даўгінаўскага тракту ў напрамку праспекта Пераможцаў. Не датрымаўшы бакавы інтэрвал, ён сутыкнуўся са "Шкодай", якая рухалася ў спадарожным кірунку. Пасля гэтага ён уцёк з месца здарэння.
Потым у раёне праспекта Пераможцаў ён сутыкнуўся з БМВ. Прычынай таксама было недатрыманне бакавога інтэрвалу. З месца здарэння мужчына зноў уцёк.
Трэцяе ДТЗ кіроўца ўчыніў аналагічным чынам у раёне вуліцы Ціміразева. Гэтым разам яго ахвярай стала "Міцубісі". Прычым кіроўца і тут не спыніўся.
Затрымалі яго супрацоўнікі ДАІ Цэнтральнага раёна каля 18.40 на скрыжаванні МКАД з вуліцай Кіжаватава. Яны высветлілі, што мужчына быў п'яны (1,75 праміле) і пры гэтым не меў права кіравання.
Пацярпелых у ДТЗ няма, аўтамабілі атрымалі механічныя пашкоджанні.
Фота: onliner.by