П'яны матацыкліст у Бярозаўскім раёне заснуў на месцы ДТЗ
Кіроўца паваліўся на дарогу і проста не стаў падымацца.
ДТЗ з камічным адценнем адбылося 1 чэрвеня ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны. 33-гадовы мужчына на матацыкле "ММВЗ" на аўтадарозе Боркі — Чарнякова — Ляскавічы не справіўся з кіраваннем і зваліўся на праезную частку. Мяркуецца, што кіроўца няправільна выбраў хуткасць руху і не ўлічыў стан дарожнага пакрыцця.
Зваліўшыся на дарогу, нецвярозы матацыкліст заснуў. Разбудзілі яго супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, якія прыбылі на месца ДТЗ.
Як паведамляе БелаПАН, кіроўца быў без шлема. Да таго ж, ён пазбаўлены правоў за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення. Яго матацыкл не прайшоў дзяржаўны тэхагляд і не застрахаваны.
Паколькі пры падзенні матацыкліст атрымаў траўмы, яго шпіталізавалі ў Бярозаўскую цэнтральную раённую лякарню.