Пуцін вырашыў не высылаць амерыканскіх дыпламатаў з Расіі

Уладзімір Пуцін вырашыў не высылаць амерыканскіх дыпламатаў з Расіі ў адказ на увядзенне новых санкцый ЗША і высылку 35 расійскіх дыпламатаў. Расійскі прэзідэнт прызнае, што ў Масквы "ёсць усе падставы для адэкватнага адказу". Аднак было вырашана, што не варта "апускацца да ўзроўню "кухоннай", безадказнай дыпламатыі". Як паведамляла Еўрарадыё, МЗС Расіі прапаноўвала Пуціну выслаць 35 амерыканскіх дыпламатаў.
Як інфармуе meduza.io, прэзідэнт Расіі выказаў шкадаванне, што прэзідэнт ЗША Барак Абама вырашыў скончыць "сваю работу такім чынам". Ён падкрэсліў, што далейшыя адносіны Расія будзе выбудоўваць з адміністрацыяй абранага прэзідэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа, якая пачне дзейнічаць у студзені 2017 года.