Прэзідэнт Ірана Ібрагім Раісі загінуў пры крушэнні верталёта
На месцы крушэння верталёта Ібрагіма Раісі / Mehr
Прэзідэнт Ірана Ібрагім Раісі і яго дэлегацыя загінулі пры крушэнні верталёта. Гэта пацвердзіў віцэ-прэзідэнт краіны Мохсен Мансуры. Як паведамляе інфармагенцтва Tasnim, пачаўся працэс апазнання целаў загінулых у авіякатастрофе.
У верталёце былі таксама міністр замежных спраў Хасейн Амір Абдалахіян, губернатар правінцыі Усходні Азербайджан Ірана Малік Рахмаці, аятала Махамед Алі Хашым.
Як распавядала Еўрарадыё, верталёт з кіраўніком Ірана разбіўся ў нядзелю на паўночным захадзе краіны, недалёка ад межаў з Азербайджанам і Турцыяй.
Пошукі яго працягваліся шмат гадзін. Урэшце ратавальнікі знайшлі верталёт, які цалкам згарэў пры крушэнні. На іранскім дзяржаўным тэлебачанні паведамілі, што не было выяўлена ніякіх прыкметаў жыцця.