Прэзідэнт Грузіі ў Мінску пасадзіў дрэва (фота, відэа)

Прэзідэнт Грузіі ў Мінску пасадзіў дрэва (фота, відэа)

1 сакавіка ў Мінску прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей каля Палацу Незалежнасці. У цырымоніі прыняў удзел Аляксандр Лукашэнка. Фотаздымкі змясціла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Падчас перамоваў у Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што супрацоўніцтва Беларусі і Грузіі "набрала добрыя абароты па ўсіх накірунках". Ён назваў Грузію "роднай і сяброўскай". "Вы ніколі не былі для нас чужымі і не будзеце", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Было адзначана, што, нягледзячы на складаную сітуацыю ў сусветнай эканоміцы, аб'ёмы гандлю паміж краінамі выраслі ў мінулым годзе на 63% (амаль да 100 млн долараў) і дасягнулі рэкорднага за апошнія 5 гадоў паказчыка. Таксама ў мінулым годзе на траціну павялічылася колькасць беларускіх турыстаў у Грузіі.

Георгій Маргвелашвілі паведаміў, што Грузія прапануе Беларусі абмен досведам па развіцці супрацоўніцтва з Кітаем. Грузінскі бок адзначыў важнасць беларускага досведу ў сферы захавання і развіцця сельскай гаспадаркі.

Па выніках перамоваў Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі прынялі сумесную заяву, у якой пацвердзілі зацікаўленасць краін ва ўмацаванні двухбаковага ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Былі падпісаныя пагадненні паміж урадамі пра паветранае спалучэнне і пра садзейнічанне здзяйсненню і ўзаемнай абароны інвестыцый.

Візіт прэзідэнта Грузіі скончыцца 2 сакавіка.

Прэзідэнт Грузіі ў Мінску пасадзіў дрэва (фота, відэа)
Фота: БЕЛТА
Прэзідэнт Грузіі ў Мінску пасадзіў дрэва (фота, відэа)
Фота: president.gov.by