Праз аўкцыён прадаюць нерухомасць клінікі "Новы зрок", разгромленай уладамі

Маёмасць клінікі "Новы зрок" выставілі на продаж

Маёмасць клінікі "Новы зрок" выставілі на продаж / e-auction.by

У Гродне і Магілёве на электронны аўкцыён выстаўленыя памяшканні, якія раней належалі медцэнтру "Новы зрок". У 2023 годзе кампанія апынулася пад ціскам уладаў, а яе заснавальніка Алега Каўрыгіна ў лістападзе 2024-га завочна асудзілі на 12 гадоў зняволення.

У Гродне прадаюць памяшканне плошчай 131,2 квадратнага метра на вуліцы Леніна, 13-3. Стартавая цана — 451 тысяча рублёў. У Магілёве на продаж выставілі памяшканне плошчай 388,8 квадратнага метра. Стартавая цана — 734 тысячы рублёў.

Таксама паўторна на таргі выставілі нерухомасць медцэнтра ў Гомелі плошчай у 1 341,4 квадратнага метра. Прадаць у сакавіку яе не змаглі, бо не знайшлося пакупнікоў. Цяпер стартавую цану лота панізілі з 1 млн 140 тысяч да 912 тысяч рублёў.

Таксама ў сакавіку на таргі выстаўлялі аўтамабілі клінікі.

Медцэнтр "Новы зрок" пачаў працаваць у 1999 годзе. У Беларусі было пяць клінік з такой назвай.

Увесну 2023-га Дэпартамэнт фінансавых расследаваньняў КДК заявіў, быццам у клініках выплочвалі грошы ў канвертах. На заснавальніка Алега Каўрыгіна пачалі крымінальную справу за нявыплату падаткаў, а таксама на шэраг супрацоўнікаў медцэнтра. У ліпені таго ж года Мінздароўя задняй датай забрала ў клінікі ліцэнзію і абвінаваціла ў працы без ліцэнзіі з 2011-га.

Каўрыгіну вынеслі прысуд завочна. Галоўнай бухгалтарцы медцэнтра, намеснікам дырэктара і галоўнай медсястры прысудзілі ад 3 гадоў 3 месяцаў да 3 гадоў 6 месяцаў зняволення з адтэрміноўкай на 3 гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.