Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ пяць чалавек
Праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ пяць чалавек, піша праваабарончы сайт "Вясна". Іх агульная колькасць вырасла да 454 чалавек.
Гэта людзі асджаныя або абвінавачаныя ў абразе службовых асобаў ці паклёпе на іх:
Руслан Валюк — асуджаны судом Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці паводле арт. 188 КК (паклёп) на два гады "хіміі";
Арцём Кандрацьеў — асуджаны судом Аршанскага раёна Віцебскай вобласці на паўтары года "хіміі" паводле арт. 188 КК (паклёп);
Дзмітрый Лукашэвіч — затрыманы, абвінавачаецца паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) і ч. 2 арт. 339 (хуліганства), знаходзіцца пад вартай у СІЗА;
Андрэй Шарэнда — затрыманы, абвінавачваецца паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) і арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яго жонка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца пад вартай у СІЗА, Андрэй адзін даглядае двух малалетніх сыноў;
Сяргей Рудзінскі — асуджаны судом Аршанскага раёна Віцебскай вобласіці паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) на паўтары года "хіміі".
Праваабаронцы лічаць гэтыя прысуды і пазбаўленне волі палітычна матываванымі. Яны патрабуюць неадкладна вызваліць названых палітвязняў і спыніх іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць дэкрыміналізаваць дыфамацыйныя артыкулы, адмяніць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў (арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391) і спыніць усе раней пачатыя па іх крымінальныя справы.
Таксама праваабаронцы заклікаюць кеадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва”, "Ініцыятыва FORB", РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт".