Прапагандысты паказалі затрыманага былога каліноўца Максіма Ралько

Максім Ралько / Кадр з відэа
Прапагандысты паказалі затрыманага былога каліноўца Максіма Ралько. Сцвярджаецца, што хлопец сам спрабаваў вярнуцца на радзіму, а ў выніку апынуўся ў СІЗА.
Ралько служыў у палку Каліноўскага ў 2022-2024 гадах, але на фронце не быў, ахоўваў склады і базу ў тыле. У пачатку мінулага года ён сышоў з падраздзялення і вярнуўся ў Польшчу, атрымаў статус дадатковай абароны. Пасля пасварыўся з сябрамі, выехаў у Германію, дзе вырашыў падацца на бежанства. Аднак у выніку з лагера збег, прычым без дакументаў.
Прапагандысты сцвярджаюць, што Максім Ралько сам прыехаў на польска-беларускую мяжу. Яго затрымалі ў пункце пропуску "Брэст". Калі гэта адбылося, у сюжэце не ўдакладнілі.
Раней Ралько прапагандысты паказалі 20 лістапада 2024-га, але абставіны яго вяртання ў РБ не агучваліся. У чым абвінавачваюць былога добраахвотніка, дакладна невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.