Прапагандыст Мукавозчык апісаў, як працуе камісія па вяртанні

Пасяджэнне камісіі па вяртанні 17 чэрвеня 2025 года

Пасяджэнне камісіі па вяртанні 17 чэрвеня 2025 года / Генпракуратура

Стала вядома, як выглядаюць пасяджэнні камісіі па вяртанні, якая разглядае заявы палітуцекачоў. Адно з такіх пасяджэнняў апісаў прапагандыст Андрэй Мукавозчык (чалец гэтай камісіі) у дзяржаўнай газеце "СБ. Беларусь сегодня". Пасяджэнне адбылося 17 чэрвеня.

На пасяджэнні разглядалі восем заяваў. Мукавозчык з'едліва пракаментаваў гэтыя звароты.

Айцішнік Ф. з Польшчы ўдзельнічаў у пратэстах і пісаў у тэлеграм-каналах. У сваёй заяве ён папрасіў даць гарантыі, што яго не пасадзяць пры вяртанні. "Якія табе гарантыі? Азаронка ў закладнікі? Дык не дадзім жа", — кпіць Мукавозчык.

Беларус Ш., які пераехаў у В'етнам, прызнаўся, што перасылаў адно фота пра ПВК "Вагнер", і заявіў пра гатоўнасць кампенсаваць шкоду. Камісія па вяртанні, як піша Мукавозчык, знайшла ў яго 23 "шпіёнскія паведамленні".

Яшчэ адзін беларус Н. напісаў у сваёй заяве, што 10 жніўні яго збілі сілавікі. Пазней ён напісаў адмову ад прэтэнзій. "Да чалавека ўсё, што трэба, вельмі хутка дайшло", — ёрнічае прапагандыст.

Заяўнік К. напісаў, што рабіў данаты, але ўжо некалькі разоў сплаціў "кампенсацыю" ў шматразовым памеры. Мужчына мае інваліднасць трэцяй групы. Ён прызнаецца, што зарэгістраваўся ў нейкім пратэсным чаце (няясна — рэальным ці фэйкавым), але выдаліў яго пасля дзіўнай прапановы. "І што ён такі зробіць, вярнуўшыся, не ведае ніхто", — заяўляе Мукавозчык.

У выніку камісія заявіла, што прэтэнзій няма толькі да трох чалавек, у тым ліку да мужчыны, збітага 10 жніўня 2020-га.

Іншым паведамілі, што яны ці падазраваныя, ці абвінавачаныя па крымінальных справах. Прычым двум грамадзянам (у тым ліку таму, хто мае інваліднасць) паведамілі, што яны змогуць уз'яднацца з сям'ёй ці працягваць лячэнне, але паралельна будуць вырашаць свае праблемы з палітычным пераследам.

Камісія па вяртанні пад кіраўніцтвам генпракурора Андрэя Шведа была створаная ў 2022 годзе. У лютым 2025 года паведамлялася, што за час сваёй дзейнасці яна разгледзела 241 зварот і па 30 дала станоўчы адказ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.