Беларускаму палітуцекачу пагражае экстрадыцыя з Арменіі

Данііл Шаўчэнка / racyja.com
Беларускаму палітуцекачу Даніілу Шаўчэнку пагражае экстрадыцыя з Арменіі. Запыт з Беларусі прыйшоў на імя намесніка Генеральнага пракурора Арменіі. Сам актывіст папрасіў палітычнага прытулку ў Арменіі.
Як паведамляе Радыё Рацыя, Данііл Шаўчэнка быў затрыманы ў аэрапорце Ерэвана 14 сакавіка 2025 года. У Беларусі яго абвясцілі ў вышук па падазрэнні ў незаконным набыцці і захоўванні наркотыкаў без мэты збыту (ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса).
Сам актывіст адмаўляе датычнасць да наркатычных рэчываў. Хлопец кажа, што пакінуў Беларусь у 2021 годзе, але ў 2024-м вярнуўся. У Мінску яго затрымалі супрацоўнікі ў цывільным, без тлумачэння прычынаў завялі ў фургон, забралі тэлефон і пад пагрозай сілы прымусілі ўвесці пароль. Шаўчэнка сцвярджае, што яго збілі і паставілі ультыматум: "Альбо ты прызнаеш, што ў цябе пры сабе былі наркотыкі — і тады абыдзешся ўмоўным тэрмінам. Альбо табе прад’явяць артыкулы аб экстрэмізме, што азначае да 10 год турмы". Хлопец кажа, што ў стане болю, шоку і страху ён абраў першае.
Пасля трох сутак у ІЧУ яго выпусцілі пад падпіску, і яму ўдалося ўцячы з краіны.
Ён сцвярджае, што яго пераследюць з палітычных матываў. У лісце, перададзеным з СІЗА Ерэвана, Шаўчэнка піша: "Я прашу толькі аднаго — абароны. За фатаграфію, за перакананні, за працу ў партыі я магу апынуцца ў турме на 10 гадоў. Я прашу абароны — ад палітычнага пераследу, ад краіны, дзе меркаванне прыраўноўваецца да злачынства. Гэта не правасуддзе — гэта расправа”.
Данііл Шаўчэнка нарадзіўся ў 2003 годзе. Хлопец вучыўся ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі і актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года ў Віцебску, Мінску ды іншых гарадах. У 2021-м уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, якую юрыдычна ліквідавалі ў 2023-м. Шаўчэнка быў валанцёрам, падтрымліваў пераследаваных студэнтаў. Цяпер хлопец чакае рэпатрыяцыі ў Ізраіль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.