Прадукцыю "Беларуськалія" прадаюць у ЕС у абыход санкцый — БРЦ
"Беларуськалій"
Беларускія кампаніі арганізавалі пастаўкі ў Еўрасаюз новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту Norta. Пад гэтай назвай хаваецца тэхнічная соль, якую да ўвядзення санкцый Беларусь пастаўляла ў ЕС у вялікіх аб'ёмах.
Рэальным вытворцам прадукцыі з'яўляецца "Беларуськалій", які трапіў пад міжнародныя санкцыі. Гэта высветлілі журналісты Беларускага расследвальніцкага цэнтра сумесна з Супольнасцю чыгуначнікаў Беларусі і пры падтрымцы "Кіберпартызанаў".
Яны даведаліся, што ў верасні 2022 года ў Беларусі зацвердзілі тэхнічныя ўмовы для новай прадукцыі — антыгалалёднага рэагенту для аўтамабільных дарог і тратуараў Norta. У сертыфікаце якасці прадукт называецца "матэрыял супрацьгалалёдны", але код тавару адпавядае хларыду натрыю. Norta на 98,2% складаецца з гэтага рэчыва. Такі ж склад мае галіт (тэхнічная соль), які Беларусь шмат гадоў экспартавала ў ЕС.
Напрыклад, у 2021 годзе, да ўвядзення санкцый, "Беларуськалій" паставіў у ЕС галіт на прыкладна 18 млн еўра. Пасля ўвядзення абмежаванняў пастаўкі галіту абваліліся: у 2024 годзе яны склалі толькі 5 млн еўра.
Вытворцамі Norta у Беларусі называюцца тры кампаніі: ТАА "Еўрапейскае аграрнае агенцтва", "Комплексныя ўгнаенні" і "Кампанія тэхнікі і сэрвісу". Насамрэч, як сцвярджаюць у БРЦ, гэтыя кампаніі не вырабляюць рэагент, а проста пераймяноўваюць тэхнічную соль на паперы. На "Беларуськаліі" пацвердзілі, што прадпрыемства прадае галіт для Norta "Еўрапейскаму аграрнаму агенцтву". Ад гэтай фірмы рэагент ідзе польскай кампаніі JP Company.