Поўдню Беларусі пагражае азіяцкі матылёк — навуковец

Куст у Брэсце, знішчаны самшытавай агнёўкай

Куст у Брэсце, знішчаны самшытавай агнёўкай / BelarusScience

У паўднёвых раёнах Беларусі складваецца катастрафічная сітуацыя, выкліканая з'яўленнем азіяцкага матылька. Пра гэта расказаў загадчык лабараторыі флоры і сістэмы раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Сяргей Саўчук.

Пад пагрозай апынулася такая расліна, як самшыт звычайны. Прычына ў тым, што ў нашых краях з'явілася агнёўка самшытавая. "Тыдні два таму мы былі ў камандзіроўцы ў Маларыцкім раёне: там каля чыгуначнага вакзала і каля прыватных дамоў проста знішчаныя высахлыя пасадкі самшыту", — перадае тг-канал "Беларуская навука" словы Саўчука.

Самшыт — гэта вечназялёныя хмызнякі і дрэвы. Агнёўка самшытавая — матылёк, які першапачаткова жыў у Японіі, Кітаі і Індыі. Там у яго ёсць натуральныя ворагі, якія стрымліваюць размнажэнне шкодніка. Апошнія дзесяцігоддзі агнёўка трапіла ў краіны Еўропы, дзе ёй ніхто не пагражае.

У Беларусі першы ачаг агнёўкі самшытавай выявілі ў 2019 годзе. Праз два гады матылёк за некалькі дзён знішчыў кусты ў цэнтры Брэста, якія прыйшлося выкарчаваць (на здымку).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.