Пошукам Анжалікі Мельнікавай займаўся аддзел забойстваў варшаўскай паліцыі

Анжаліка Мельнікава
Польскія праваахоўнікі дагэтуль не ведаюць, дзе знаходзіцца зніклая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Але зыходзячы з атрыманых звестак, яе няма ні ў Польшчы, ні ў Беларусі.
Такую інфармацыю атрымаў аддзел крымінальнага тэрору і забойстваў варшаўскай паліцыі, які пераняў расследаванне ў аддзела вышуку, паведамляе rmf24.pl. Аддзел забойстваў лічыцца элітарным падраздзяленнем, дзе ёсць найлепшыя спецыялісты, якія займаюцца самымі сур'ёзнымі выпадкамі.
Сабраныя аддзелам матэрыялы ацэньвае пракуратура. Яна павінна вырашыць, у якім кірунку весці далейшае расследаванне — ці ідзе гаворка, напрыклад, пра выкраданне.
Таксама будзе прынятае рашэнне, хто будзе весці далейшае расследаванне. Гэта можа быць Агенцтва ўнутранай бяспекі, ці зноў аддзел забойстваў, ці паліцэйскі аддзел цэнтральнай Варшавы.
Пра знікненне Анжалікі Мельнікавай стала вядома 28 сакавіка. Апошні раз на сувязь яна выходзіла 25 сакавіка. Як паведамлялася, Мельнікава вылецела ў Вялікабрытанію, пасля чаго яе сляды згубіліся. Яе былы муж выехаў у Беларусь, іх агульныя дзеці (дзве малалетнія дачкі) цяпер знаходзяцца з бацькам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.