Польскага салдата, які абстраляў машыну каля мяжы з РБ, прызналі неадэкватным

На польска-беларускай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На польска-беларускай мяжы, ілюстрацыйнае фота / twitter.com/Straz_Graniczna

Экспертыза прызнала неадэкватным 24-гадовага польскага салдата, які 1 студзеня 2025 года абстраляў грамадзянскі аўтамабіль недалёка ад мяжы з Беларуссю. На іх думку, малады чалавек "не мог усведамляць значэння сваіх учынкаў ці кіраваць імі".

Пракуратура прапануе прымусова змясціць мужчыну ў псіхіятрычны стацыянар. Пра гэта, як заўважыла выданне MOST, пішуць польскія СМІ.

Інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Мельнік, за 10 кіламетраў ад мяжы. Шараговец удзельнічаў у аперацыі "Бяспечнае Падляшша", якую ў Польшчы праводзілі ў адказ на гібрыдныя пагрозы з боку Беларусі.

Следства выявіла, што ў той дзень салдат у нецвярозым стане самавольна пакінуў лагер са зброяй. Ён спыніў аўтамабіль, у якім быў мужчына з 13-гадовай дачкой, і пагражаў забіць кіроўцу. Дзяўчынка выскачыла з машыны, а кіроўца стаў ад'язджаць. Салдат адкрыў агонь у бок машыны. Ён зрабіў каля 70 стрэлаў — пераважна ў паветра, але адна куля трапіла ў аўтамабіль, прабіўшы пустое крэсла.

Пасля затрымання аказалася, што ў крыві вайскоўца было два праміле алкаголю.

Экспертыза выявіла, што малады чалавек не мог усведамляць значэння сваіх учынкаў. Гэта было наступствам псіхічнай хваробы, якая ўпершыню выявілася якраз у момант інцыдэнту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.