Польска-беларускага пісьменніка Сяргея Пясецкага перапахавалі ў Варшаве

Магіла Сяргея Пясецкага ў Варшаве 

Магіла Сяргея Пясецкага ў Варшаве  / Еўрарадыё

29 верасня на вайсковых могілках Варшавы перапахавалі парэшткі пісьменніка Сяргея Пясецкага. На мерапрыемстве прысутнічаў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі.

На надмагільнай пліце бачныя залатыя зоркі — гэта адсылка да яго рамана "Каханак Вялікай Мядзведзіцы".

Пясецкі нарадзіўся ў Беларусі і пражыў бурлівае жыццё. У сваіх мастацкіх творах ён апісваў польска-бальшавіцкую і Другую сусветную войны. Таксама Пясецкі маляўніча адлюстраваў жыццё кантрабандыстаў на польска-савецкім памежжы.

Ён нарадзіўся 1 красавіка 1901 года ў Ляхавічах. Падчас польска-бальшавіцкай вайны 1919-1920 гадоў служыў у беларускіх аддзелах Польскага войска. Потым да 1926 года Пясецкі служыў у польскай разведцы. Выконваючы службовыя заданні, неаднаразова нелегальна пераходзіў польска-савецкую мяжу разам з кантрабандыстамі. Пасля звальнення з разведкі учыніў некалькі рабункаў, за што быў асуджаны на смяротнае пакаранне. Аднак смяротную кару яму замянілі на 15 гадоў турмы.

Адбываючы турэмны тэрмін, Пясецкі заняўся літаратурай. У 1937 годзе выйшаў яго раман "Каханак Вялікай Мядзведзіцы" — пра жыццё кантрабандыстаў на польска-савецкім памежжы каля мястэчка Ракаў.

Падчас Другой сусветнай вайны Пясецкі быў жаўнерам Арміі Краёвай. У 1946 годзе нелегальна выехаў з Польшчы ў эміграцыю, жыў у Вялікабрытаніі, дзе і памёр у 1964 годзе.

Некаторыя творы Сяргея Пясецкага перакладзеныя на беларускую мову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.